Што вядома пра серыял пра Уладзіміра Мулявіна?

25 марта 2023 г.

20 сакавіка з'явіўся трейлер серыяла аб ансамбле "Песняры" пад назвай "За паўгадзіны да вясны". Reform.by сабраў звесткі пра кінапраэкт пра гісторыю Уладзіміра Мулявіна, стваральніка і кіраўніка ансамбля.

Ідэя праэкта з'явілася яшчэ ў 2014 годзе, калі Віктар Лабковіч (прадзюсар прыватнай «Першай КінаВідэаКампаніі») і яго калега Аляксей Трацюк (генеральны прадзюсар расійскай кінакампаніі «Yellow, Black and White», вядомая серыяламі "Кухня" і "Татавы дачкі") вырашылі стварыць фільм аб ансамблі. Толькі ў 2020 годзе пасля трох спробаў прадзюсары нарэшце атрымалі тэндар Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на вытворчасць васьмісерыйнага серыяла.

Сярод галоўных партнёраў і стваральнікаў серыяла з пачатку перамогі тэндара засталіся і расійскі Першы канал, лога якога ўзнікае на пачатку трэйлера, і «Yellow, Black and White». З'явіўся таксама і анлайн-кінатэатр START, на якім будзе прэзентаваны серыял, заснаваны таксама Аляксеем Трацюком, які застаўся сярод галоўных прадзюсараў.

Сярод стваральнікаў, акрамя прадзюсараў, даволі мала беларусаў. Адзін са сцэнарыстаў - Руслан Старыкоўскі, які супрацоўнічаў у свой час з J:МОРС і Серегой. Сярод выканаўцаў можна заўважыць Максіма Шышкова, былога акцёра РТБД, а таксама іншых беларускіх артыстаў, але галоўныя ролі застаюцца за расейскімі акцёрамі. Таксама былі праведзены сустрэчы і кансультацыі як з дачкой Уладзіміра Мулявіна, Марынай, так і з музыкантамі Валерыем Дайнекам і Уладзіславам Місевічам.

Здымкі карціны ладзіліся ў Беларусі - у Мінску, Лагойску, Барысаве, і таксама ў Расіі - Маскве, Маскоўскай і Калінінградскай абласцях.

Стваральнікі серыяла ў анатацыі падкрэсліваюць "эпічнасць" і "маштабнасць", які будзе ахоплены ў праэкце. Прадзюсар Віктар Лабковіч вельмі эмацыйна пракаментаваў выхад трэйлеру ў сваім Фэйсбуку: "Гэта лепшае, што было, і будзе...". Але іншых падрабязнасцей наконт выхаду карціны, каментароў іншых стваральнікаў ці акцёраў пакуль няма.

Першая серыя з дзевяці, паводле Film.ru, з'явіцца на сайце платформы START 31 траўня.
Праглядзець трэйлер серыялу можна па спасылцы ніжэй:
YouTube: https://www.youtube.com/watch?...
Крыніца: https://reform.by/shto-vjadoma...