Праграма з'езда беларускіх фільммэйкераў сфарміравана
13 жніўня 2023 г.
Аргкамітэт Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) прадставіў праграму першага нефармальнага з'езда беларускіх кінематаграфістаў, які пройдзе ў Варшаве 18 – 20 жніўня 2023 года.
У з'ездзе прыме ўдзел прызнаны класік сусветнага кіно Кшыштаф Занусі. Ён правядзе майстар-клас на тэму «Ад аматарскай кароткаметражкі да Кан і Венецыі».
Культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў выступіць мадэратарам на агульных дыскусійных панэлях «Смерць кіно ці жыццё пасля жыцця? Як сёння рабіць фільмы», «Намады супраць сістэмных: мабільны арт-актывізм ці нацыянальная індустрыя?».
У рамках арганізацыйнай платформ, прысвечанай магчымасцям для фільммэйкераў, распавядуць прадстаўнікі BFN, Незалежнай КінаАкадэміі (BIFA), беларускіх прадакшнаў, спецыялізаваных медыя рэсурсаў пра кіно і стваральнікаў 3D-кантэнту.
Спікеры і спікеркі канцэптуальнай платформы закрануць тэмы мінулага, сучаснасці і будучыні беларускага кінематографа, яго праблем і спосабаў іх вырашэння, магчымых мадэляў беларускай "новай хвалі", пошуку рэсурсаў і фарміраванні новай беларускай кінаэстэтыкі.
У кінапраграме творча-дэгустацыйнай платформы — поўнаметражныя і кароткаметражныя дакументальныя, анімацыйныя і ігравыя стужкi, а таксама відэа-арт. Сярод іх — "Comfortable Guy" Арсенія Алейніка; «ЧынЧыны праляцелі кукушкай» і 1-я навела «Ператрымка» анталогіі «Працэсы» Андрэя Кашперскага; "Котка" і "Шырэй Мара" Наты Карнеевай, "23.34" Тані Свірэпа і "Хваля жыцця".
Удзельнікі, якія плануюць наведаць індустрыяльную платформу, даведаюцца пра тое, як здымаць мікрабюджэтнае кіно, як інтэгравацца ў глабальны кантэкст і прасоўваць свае фільмы на міжнародным узроўні.
«Фармат БарКэмпа, абраны намі для правядзення з'езда незалежных кінематаграфістаў, спраўджвае эфектыўнасць гарызантальных сувязяў ужо на этапе планавання падзеi. Мы ўключылі ў праграму шматлiкiя прапановы ўдзельнікаў і пакінулі вольныя слоты для рэалізацыі ідэй фільммэйкераў "на месцы". Бо падчас узаемадзеянняў, на хвалі агульнага драйву і нараджаюцца самыя арыгінальныя канцэпцыі. Пачатак руху да стварэння агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно пакладзены», – зазначае кіраўнік праекта, прадзюсар і фандрайзер Леанід Каліценя.
Фота ChrisMurray