Канферэнцыя BFN і SMartDE для беларускіх кінематаграфістаў

18 кастрычніка 2023 г.

З 10 па 13 кастрычніка 2023 года Belarusian Filmmakers' Network (BFN) сумесна са SMartDE правяла канферэнцыю для маладых беларускіх рэжысёраў і прадзюсараў у Берліне (Германія). Мерапрыемства было прысвечана сацыялізацыі і прафесійнай інтэграцыі незалежных беларускіх кінематаграфістаў у кінаіндустрыю Германіі і ЕС. Шырокая праграма мерапрыемства была накіравана на ўмацаванне супрацоўніцтва і абмен досведам у сферы кінематографа.

Генеральная дырэктарка SMartDe Магдалена Зёмэк і сузаснавальнік BFN Леанід Каліценя адкрылі канферэнцыю разам.

"Я вельмі рада прымаць вас усіх тут, мне вельмі цікава даведацца пра вашыя праекты і ідэі, і што мы можам зрабіць разам, і я спадзяюся, што гэта толькі першы крок у нашым супрацоўніцтве, і мы зможам навучыцца адно ў аднаго, як справіцца з цяжкасцямі ў гэты няпросты час", - адзначыла Магдалена Зёмэк у сваёй прывітальнай прамове.

"Мы паставілі перад сабой самыя амбіцыйныя мэты: наладзіць узаемаадносіны ўнутры сеткі і дабіцца разумення агульных мэт і крокаў па іх дасягненні, наладзіць адносіны з еўрапейскімі партнёрамі, фармалізаваць унутраную структуру BFN як сеткі з мэтай аўтаматызацыі прыняцця рашэнняў. Я спадзяюся, што мы атрымаем найцікавейшыя вынікі", - дадаў Леанід Каліценя.

Праграма мерапрыемства ўключала асноўныя даклады, прэзентацыі, дыскусіі і нэтворкінг.

Магдалена Зёмэк распавяла пра еўрапейскі падыход да праектаў, Івона Прэйс, генеральная дырэктарка SMartDE Sweden і Intercult Productions, выступіла з прамовай пра рэалізацыю міжнародных культурніцкіх праектаў у ЕЗ, а Юлек Юровіч, заснавальнік SMartDe, распавёў пра асабісты досвед стварэння еўрапейскай сеткі.

Прэзентацыя Хельгі Грыгор'евай, кінапрадзюсаркі і арганізатаркі фестываляў, была прысвечана працы з сэйлз-агентамі і міжнароднымі фестывалямі, а Марцін Лучай, New Europe Film Sales, праінфармаваў удзельнікаў аб асаблівасцях рынку кароткаметражных фільмаў у Еўропе.

П'ерпаоло Феста, Crew United, прадставіў еўрапейскую платформу, якая аб'ядноўвае больш за 36 000 кінематаграфістаў; Ліла Пускас, Medienboard Berlin, распавяла аб структуры фінансавання фільмаў у Берліне і ў зямлі Брандэнбург; Івар Стадольскі і Марыта Муукконэн, Artists at Risk, праінфармавалі беларускіх кінематаграфістаў аб магчымасцях фінансавання іх праектаў.

Фрылансер і сябра SMartDe Вэкас Геба і мастак-канцэптуаліст і культурны актывіст Халед Бараке дыскутавалі з удзельнікамі канферэнцыі пра шлях мастака.

Увогуле 24 беларускія кінематаграфісты з сямі краін атрымалі ад дванаццаці міжнародных экспертаў карысную інфармацыю для развіцця сваёй кар'еры ў ЕЗ. У сваіх водгуках на імпрэзу ўдзельнікі аднолькава адзначаюць станоўчыя вынікі канферэнцыі.

"Для мяне, як для рэжысёра, які імкнецца прадаць свой новы фільм, найбольш карыснай падзеяй быў вячэрні нэтворкінг на даху. Нефармальныя імпрэзы найбольш эфектыўныя дзякуючы кропкавай камунікацыі", – кажа рэжысёр Арцём Лобач.

"Я лічу, што гэткія падзеі вельмі важныя для згуртавання кінасупольнасці Беларусі. Мноства кінематаграфістаў выехала з краіны і знаходзіцца ў пошуку аднадумцаў і спосабаў працягу творчасці. Іншая частка знаходзіцца ў краіне, але ў так званай “унутранай эміграцыі”. Таму сёння так важна імкненне да аб'яднання, выпрацоўкі новых планаў і дарожных мап. У свеце, які хутка мяняецца, змяняюцца і фарматы ўзаемадзеяння прадзюсараў і рэжысёраў, інвестараў і фрылансераў, змяняюцца падыходы да творчасці. Вельмі важна не адставаць у гэтым развіцці і тады, праз нейкі час, у краіне з'явіцца па-сапраўднаму якаснае і сучаснае кіно, з'явіцца механізмы стварэння індустрыі. Важна не адставаць ад гэтага развіцця, каб з часам у Беларусі з'явілася па-сапраўднаму якаснае і сучаснае кіно, з'явяцца механізмы стварэння індустрыі. Вельмі ў гэта веру і пастараюся актыўна ўдзельнічаць у працэсе", - выказвае сваё меркаванне рэжысёр і прадзюсар Яўген Лыткін.

"Для мяне высветліліся мэты сеткі і спосабы іх дасягнення, так празрыстасць і структураванасць у працы пры адсутнасці вертыкалі праўлення абяцаюць стаць ключом прасоўвання праектаў. Беларусы гатовыя да сумесных праектаў і дасягненняў, таму пераход у рэалізацыі праектаў ад адзіночак-майстроў на ўсе рукі да аб'яднання прафесіяналаў мне ўяўляецца вынікам у кароткатэрміновай перспектыве. Асабіста для мяне канферэнцыя стала 4-дзённым брэйнстормінгам і дапамагла выбудаваць траекторыю асабістага развіцця. Я лічу, для BFN гэта маленькі поспех на шляху да вялікага", - дадае рэжысёр і саўнд-дызайнер Аляксандр Волкаў.

Акрамя таго, напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікаў прывітаў прадстаўнік Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі, якое падтрымлівае BFN у 2023 годзе ў межах праграмы "Усходняе партнёрства".

Пра BFN

The Belarusian Filmmakers’ Network - Сетка беларускіх кінематаграфістаў - (BFN) аб’ядноўвае незалежных маладых кінематаграфістаў з Беларусі, у тым ліку тых, хто жыве ў эміграцыі. BFN імкнецца вярнуць беларускае кіно на мапу еўрапейскай кінаіндустрыі. Для атрымання дадатковай інфармацыі, калі ласка, наведайце вэб-сайт BFN

О SMartDE

SMartDE з'яўляецца нямецкай даччынай кампаніяй міжнароднага кааператыва фрылансераў SMartGroup. Для атрымання дадатковай інфармацыі, калі ласка, наведайце вэб-сайт SMartDE

Фота Ali Ghandtschi