BFN узяла ўдзел у Connecting Cottbus
14 лістапада 2023 г.
З 7 па 10 лістапада 2023 года Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) прыняла ўдзел у падзеях Connecting Cottbus (coco). Кінарынак капрадукцый і абмен досведам на платформе нэтворкінгу East-West праходзілі ў межах кінафестывалю ў Котбусе (Германія), прысвечанага ўсходнееўрапейскаму кіно.
coco дае ўдзельнікам магчымасць атрымаць уяўленне аб сучасных тэндэнцыях і праблемах у галіне фінансавання, вытворчасці і дыстрыбуцыі фільмаў. Важныя індустрыяльныя тэмы абмяркоўваліся ў фармаце панэляў, круглых сталоў, лекцый, семінараў і імпрэз нэтворкінга.
Акрамя таго, дэлегацыя BFN сустрэлася з Берндам Будэрам, праграмным дырэктарам кінафестывалю ў Котбусе, каб абмеркаваць канкрэтныя крокі па выхадзе беларускіх кінематаграфістаў са стану нявызначанасці і іх празрыстай і эфектыўнай інтэграцыі ў еўрапейскую кінаіндустрыю.
Праграма фестывалю ўключала 18 секцый. Два фільмы беларускіх рэжысёраў - "Усё ў парадку" Антона Жука і "Live (Na Żywo)" Мары Тамковіч - прынялі ўдзел у конкурснай секцыі кароткаметражных фільмаў. Антон Жук атрымаў галоўны прыз фестывалю за кароткаметражны фільм.
"Прадстаўнікі BFN упершыню прынялі ўдзел у мерапрыемствах кінарынку ў Котбусе. Гэта стала магчымым дзякуючы Федэральнаму міністэрству замежных спраў, якое падтрымлівае BFN у 2023 годзе ў межах праграмы "Усходняе партнёрства". Мы атрымалі каштоўны досвед наладжвання сувязяў з нашымі еўрапейскімі калегамі і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва з імі", - кажа сузаснавальнік BFN Леанід Каліценя.