Інкубатар мікрабюджэтнага кіно: FAQ

30 кастрычніка 2023 г.

  

Сабралі для вас адказы на самыя частыя ды галоўныя пытанні:

 

 

- Ці можна падаць заяўку на ўдзел у інкубатары з гатовым сцэнарам?

Так, але для разгляду трэба даслаць сінопсіс, і, калі праект будзе выбраны, трэба быць гатовым да перапрацоўкі сцэнара.

 

- Я хацеў бы ўдзельнічаць у інкубатары разам з суаўтарам. Ці магчыма гэта?

Так. Заяўкі на ўдзел могуць падаваць як сцэнарныя, так і рэжысёрскія "тандэмы".

 

- Каму належаць правы на фільм?

Усе правы на сцэнар, напісаны ў межах інкубатара, належаць аўтару. Правы на зняты фільм размяркоўваюцца паміж BFN і рэжысёрам у суадносінах 50:50.

 

- Ці магу я самастойна адпраўляць фільм на фестывалі, дамаўляцца аб паказах?

BFN зацікаўлены ў максімальна паспяховым лёсе фільмаў, знятых умежах інкубатара, і будзе шукаць магчымасці ўдзелу ў фестывалях, выкарыстоўваючы найперш уласныя кантакты. Таксама па ўмовах інкубатара пасля заканчэння працы над фільмамі будуць арганізаваны іх закрытыя паказы. Рэжысёр, вядома, можа і сам адпраўляць фільм на фестывалі і дамаўляцца аб паказах, але рэкамендуецца ўзгадняць усе крокі з BFN: публічны паказ фільма можа стаць перашкодай для ўдзелу ў фестывалях, а прэм'ера на нікому не вядомым фестывалі можа перашкодзіць удзелу ў фестывалях у той жа краіне (і не толькі).

 

- Ці будзе хтосьці ўносіць праўкі ў мой сцэнар, мантаж?

Задача куратараў - не навязваць сваё бачанне, а дапамагчы сцэнарысту/рэжысёру рэалізаваць свае ідэі ў межах мікрабюджэтнай эстэтыкі і вытворчай мадэлі. Перш за ўсё, куратар будзе задаваць пытанні аб тым, як, напрыклад, канкрэтная сцэна можа быць знята на мікрабюджэце. Таксама куратары дапамогуць дэбютантам пазбегнуць фармальных, "вучнёўскіх", памылак, якія могуць сапсаваць уражанне ад фільма.

 

- Як я магу кіраваць бюджэтам на вытворчасць фільма?

Бюджэтам рэжысёр распараджаецца сам, кансультуючыся з куратарам.

 

- Ці магу я сам абраць гукарэжысёра, мантажора, каларыста? Ці праект іх забяспечвае?

Рэжысёр сам адказвае за кастынг і склад каманды.

 

- У мяне няма здымачнай каманды (ці не хапае людзей) ці дапаможаце вы з гэтым?

Мы чакаем, што рэжысёр фільма будзе здымаць яго ў тым горадзе, дзе знаходзіцца, і здымачная каманда будзе набраная на месцы (бюджэту на паездкі няма). Таксама мы чакаем, што рэжысёр сам правядзе кастынг і набор здымачнай групы. BFN можа дапамагчы кантактамі, але не зрабіць за рэжысёра яго працу.

 

- Ці можа быць працягнуты дэдлайн здачы фільма?

Выключна ў "форс-мажорных" выпадках (хвароба ключавых удзельнікаў здымак і т д).

 

- На якой мове павінен быць фільм?

На рускай і/ці беларускай.

 

- Ці магу я прыцягваць яшчэ сродкі на вытворчасць фільма (данаты, фонды і г.д.). Як гэта ўплывае на пытанне правоў, фестывальнага ўдзелу і т.д.

Гэткія сітуацыі абмяркоўваюцца індывідуальна. Тэарэтычна дадатковае фінансаванне магчыма, па ўзгадненні з BFN. Фінансаванне, прыцягнутае аўтарам, не ўплывае на размеркаванне правоў на фільм паміж BFN і рэжысёрам у суадносінах 50:50.

 

- Калі я адпраўлю вам сінопсіс, але мой праект не будзе выбраны, (ці прайду першы этап, але вытворчасць не будзе падтрымана) ці будзе сцэнар належаць мне?

Так, будзе.

 

- Які мінімальны хронаметраж фільма?

70 хвілін. Гэта стандарт для большасці кінафестываляў.

 

- Ці ёсць жанравыя абмежаванні?

Жанравых абмежаванняў няма, але інкубатар разлічаны перш за ўсё на аўтарскае кіно. Акрамя таго, патэнцыйныя ўдзельнікі інкубатара павінны загадзя арыентавацца на мікрабюджэтную рэалізацыю іх праектаў.

 

- Ці будзе арганізавана прэм'ера фільма?

У межах інкубатара будуць арганізаваны закрытыя паказы фільмаў. BFN можа прыняць удзел у арганізацыі прэм'еры фільма пасля ягоных фестывальных паказаў.

 

- Хто адказвае за прасоўванне фільма? Мне трэба самому мантаваць трэйлер, рабіць постэр, перакладаць на ангельскую мову субтытры?

Трэйлер павінен быць змантаваны на этапе мантажу фільма. BFN бярэ на сябе стварэнне постэра і ангельскіх субтытраў.

 

- Я не разумею як зняць поўны метр за такі малы бюджэт, можаце прывесці прыклады фільмаў, на якія вы арыентуецеся, калі вы кажаце аб малабюджэтным кіно?

Прыкладаў поўнаметражных ігравых фільмаў, знятых за мінімальныя (для свайго кантэксту) грошы, дастаткова шмат, асабліва, калі гаворка ідзе пра дэбюты. З мікрабюджэтных фільмаў пачыналі сваю кар'еру Райнер Вернер Фасбіндэр ("Каханне халадней за смерць") і Джым Джармуш ("Бясконцы Адпачынак").

 

- Наша каманда знаходзіцца ў Беларусі, ці можам мы ўдзельнічаць у праекце?

Так, але бяспека здымачнай групы вышэй за ўсё. Сёння любая здымка ў грамадскім месцы можа выклікаць падазрэнні або прыцягнуць непажаданую ўвагу ўладаў. Таму ўжо на ўзроўні заяўкі трэба мець на ўвазе лакацыі, дзе бяспечная здымка будзе магчымая (інтэр'еры і г.д.)