Belarusian Filmmakers’ Network упершыню прадставіць на Берлінале незалежных беларускіх аўтараў

3 лютага 2022 г.

На Еўрапейскім кінарынку ў межах праграмы Берлінале-2022 сёлета ўпершыню зявіцца віртуальны стэнд незалежных беларускіх кінематаграфістаў. На ім будуць прадстаўлены ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы беларускіх аўтараў (незалежна ад іх актуальнай геалакацыі).

Сярод удзельнікаў — Аляксей Палуян («Кураж»), Ната Карнеева («Shirey Mara»), Максім Швед («Маршрут перабудаваны»), Андрэй Куціла («Калі кветкі не маўчаць»), Уладзімір Казлоў («Лета 89»), Юрый Сямашка («Калі я быў Генерал»), Іван Гапіенка («Каралеўства Зорак»).

Мэта праекту: прыцягнуць міжнародную ўвагу і паказаць прафесіяналам глабальнай кінаіндустрыі магчымасці беларускіх аўтараў.

Арганізатар віртуальнага стэнду - Belarusian Filmmakers' Network (BFN), грамадская ініцыятыва, створаная напрыканцы мінулага году і накіраваная на падтрымку незалежных кінематаграфістаў.

Удзел у EFM 2022 — першы крок BFN да амбітнай мэты развіцця беларускай кінавытворчасці, шчыльна інтэграванай з еўрапейскай.

«BFN — не асацыяцыя і не творчы саюз. Гэта адкрытая для ўсіх беларускіх кінематаграфістаў сетка, якая накіравана як мінімум на іх падтрымку, як максімум — на стварэнне новай беларускай кінаіндустрыі», — гаворыцца ў маніфесце BFN.

Незалежным беларускім кінематаграфістам даводзіцца працаваць у цяжкіх умовах. Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных рэпрэсій многія прадстаўнікі беларускай кінаіндустрыі сутыкнуліся з пераследам.

Сярод іншых, быў арыштаваны Віктар Лабковіч, прадзюсер фільма «Дэбют», які выстаўляўся на «Оскар» ад нашай краіны ў 2019 годзе. Аляксей Туровіч, аўтар фільма «Жоўты пясочак», атрымаў 6,5 гадоў турмы. Таццяна Гацура-Яворская, дырэктарка кінафестывалю праваабарончага кіно «Watch Docs», была арыштаваная ў межах крымінальнай справы і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Сотні фільммэйкераў пакінулі краіну, баючыся пераследу.

Многія беларускія кінематаграфісты цяпер раскіданыя па ўсім свеце. Віртуальны стэнд BFN на EFM - спроба аб'яднаць іх і акрэсліць перспектыву ў сітуацыі, якая камусьці можа падацца безвыходнай.

Мерапрыемствы віртуальнага стэнда BFN на EFM-2022

11 лютага, 12.30. Кінапаказ «Лета 89» (рэж.Уладзімір Казлоў).

12 лютага, 18.00. Дыскусія «Filmmakers at risk: current state of a dangerous film industry». Удзельнікі: Аляксей Палуян, Максім Швед, Уладзімір Казлоў, Леанід Каліценя. Мадэратар: Максім Жбанкоў.

13 лютага, 12.30. Кінапаказ «Маршрут перабудаваны» (рэж.Максім Швед).

15 лютага, 12.30. Кінапаказ: анімацыйная праграма - «Shirey Mara» (рэж. Ната Карнеева), «Калі я быў Генерал» (рэж. Юрый Сямашка), «Царства Зорак» (рэж. Іван Гапіенка).

Каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю звяжыцеся, калі ласка, з belfn2022@gmail.com