Прыём заявак на з'езд незалежных кінематаграфістаў завершаны

25 ліпеня 2023 г.

Аргкамітэт Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) сфармiраваў спіс удзельнікаў першага нефармальнага з'езду беларускіх кінематаграфістаў, які пройдзе ў Варшаве 18 – 20 жніўня 2023 г.

"Анты-канферэнцыя" BFN абяцае стаць найбуйнейшым форумам з часоў апошняга паўнацэннага міжнароднага фестывалю Лістапад-2019. BFN атрымала 121 заяўку з прапановамі па мерапрыемствах праграмы. Сярод іх – тэмы для дыскусій, правядзенне майстар-класаў, паказ кароткаметражных стужак i праектаў у рабоце.

У з'ездзе прымуць удзел праграмны дырэктар міжнароднага кінафестывалю ў г. Котбус Бернд Будэр, прадзюсар FWB Studio Марта Левандоўска, прадстаўнікі Беларускай Незалежнай Кінаакадэміі (BIFA). Рэжысёр Уладзімір Казлоў правядзе майстар-клас па стварэнні малабюджэтнага кіно, а культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў выступiць вядоўцам падзей канцэптуальнай платформы.

Плануецца, што з'езд збярэ больш за 70 беларускіх кінематаграфістаў з амаль 20 гарадоў, уключаючы Апаву, Беласток, Берлін, Варшаву, Вільню, Гданьск, Кіеў, Кракаў, Лодзь, Любляну, Паўлаград, Познань, Прагу, Рыгу, Стамбул, Тбілісі і Хайфу.

“Мы атрымалi ў некалькі разоў больш заявак ад жадаючых прыняць удзел, чым было запланавана ў бюджэце праекта. Аргкамітэту прыйшлося прымаць складаныя рашэнні. На жаль, пэўнай колькасці ўдзельнікаў мы былі вымушаныя адмовіць. Тым не менш, мы разумеем, наколькi важна для нашай агульнай будучыні ў прафесіі меркаванне кожнага натхнёнага актара кінаіндустрыі, таму мы максімальна эканомна пераразмеркавалі бюджэт праекта і знайшлі магчымасць павялічыць запланаваную колькасць удзельнікаў”, – адзначае кіраўнік праекта, прадзюсар Леанід Каліценя.

Фота Jakob Owens