Адбыўся першы (анты)з’езд беларускiх фiльммэйкераў
27 жніўня 2023 г.
З 18 па 20 жніўня 2023 года ў Варшаве прайшоў першы ў гісторыі нефармальны з’езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў.
Падзея распачалася з прывітальных прамоў прадстаўнікоў Амбасады Германіі ў Польшчы, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета i Беларускай Рады культуры.
У межах канцэптуальнай платформы адбылiся агульныя дыскусіi: "Смерць кіно ці жыццё пасля жыцця? Як сёння рабіць фільмы", "Намады супраць сістэмных: мабільны арт-актывізм ці нацыянальная індустрыя?", “Унутраная Еўропа супраць унутранай Манголіі. Цi можна забiць “Партызан-фiльм” (у сабе)? Удзельнiкi абмянялiся досведам у галіне кінаадукацыі дзяцей і моладзі, пвдзялiлicя меркаваннямi пра савецкае i сучаснае беларускае кіно, яго заўтрашнія жанры, пошук рэсурсаў i новай кінаэстэтыкі. Мадэратарам выступiў сузаснавальнiк BFN, культуролаг i кiнакрытык Максiм Жбанкоў.
На творча-дэгустацыйнай платформе былі прэзентаваны працы беларускіх аўтараў, знятые за апошнія 2 гады – як фільмы, якія ўжо пабачылі свет на міжнародных фестывалях, так і фільмы, над якімі толькі-толькі скончылася праца. У праграме былі прадстаўлены “Беларусь 23.34” Тані Свірепа, “Comfortable Guy” Арсенія Алейніка, “ЧынЧыны праляцелі кукушкай” Андрэя Кашперскага, “Котка” і “Шырэй Мара” Наты Карнеевай і інш. Пасля кінапраглядаў ладзіліся дыскуссіі з аўтарамі фільмаў.
“Мы намагаліся максімальна поўна прадэманстраваць актуальныя працы незалежных беларускіх аўтараў. У праграме платформы было дакументальнае, ігравое кіно, анімацыя і відэа-арт, было прадстаўлена як кароткаметражнае, так і поўнаметражнае кіно. Агулам за 3 дні з’езду мы паказалі 20 твораў выбітных беларускіх аўтараў. Беларускае незалежнае кіно працягвае жыць, развівацца нават у такіх жорсткiх умовах – як у Беларусі, так і па-за яе межамі” – кажа куратарка платформы Дзіна Кор.
У рамках адмысловай арганізацыйнай платформы, прысвечанай магчымасцям для фільммэйкераў, удзельнiкi абмеркавалі рэгламенты і працэдуры BFN, працу спецыялізаваных медыя рэсурсаў пра кіно “Backstage Беларусь”, “Чартоўскi добрая кава” i “Священный Белавуд”, даведалiся больш пра “Беларускую незалежную кінаакадэмію” (BIFA), анлайн-кiнатэатр VODBLISK i кiнафестываль “Паўночнае Ззянне”, а таксама пра беларускi прадакшн Media Hub Batumi. ЧынЧыны Андрэй Кашперскi i Мiхаiл Зуй зрабiлi прэзентацыю свайго праекта, а лiтоўскi рэжысёр Кястуцic Драздаўскас выказаў экспертныя думкi наконт iснавання розных асацыяцый кiнавытворцаў, патрэбных кожнай нацыянальнай кiнаiндустрыi.
Спiкеры i спiкеркi iндустрыяльнай платформы размаўлялi пра шлях фiльммэйкераў у мiжнароднай кiнаiндустрыi. У ёй прынялi ўдзел рэжысёркi Нэлла Агрэнiч i Мара Тамковіч; прадзюсар i сузаснавальнік FWB Studio Марта Левандоўска; праграмны дырэктар Котбускага фестывалю Бэрнд Будэр i дырэктарка капрадукцыйнага рынку Connecting Cottbus East-West Марджары Бэндэк; прадстаўнiца Creative Europe Desk Poland Маржэна Цэслiк, арганiзатарка кiнафестываляў Таццяна Гацура-Яворская; cуаснавальнiк BFN, прадзюсар Леанiд Калiценя; пiсьменнiк, рэжысёр i трэцi суаснавальнiк BFN Уладзімір Казлоў; кiнакрытык Ігар Сукманаў.
Творчая сустрэча з класікам сусветнага кінематографа Кшыштафам Занусі адбылася ў фармаце Q&A. Абмежаваны час не дазволіў удзельнікам задаць усе пытанні, якія іх цікавяць, аднак аўтограф вядомага рэжысера атрымалі ўсе жадаючыя.
Адказваючы на пытанне, пра што сёння здымаць беларускім кінематаграфістам, Занусі сказаў: “Сёння ў беларускіх кінематаграфістаў няма выбару. Вам трэба звяртацца да свету і дзяліцца досведам, якога свет не мае. Дзяліцца так, каб закрануць пачуцці людзей. І яшчэ важна знайсці нейкі пункт, дзе людзі здолеюць зразумець ваш менталітэт. Чым беларусы адрозніваюцца ад палякаў, літоўцаў, украінцаў? Калі б у вас атрымалася знайсці такога героя, гісторыю, эпізод сучаснасці, які б раскрываў ваш характар – гэта было б цікава ўсім.”
З’езд завяршыўся прыняццем выніковай дэкларацыi i пастановай пра фармалiзацыю Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) як структуры, стварэннем аргкамiтэту Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) i абраннем працоўнай групы, якая зоймецца развiццём арганiзацыi.
Цалкам у першым нефармальным з’езде беларускіх кінематаграфістаў прынялi ўдзел сто культурніцкіх дзеячаў з розных краін.
«З майго пункту гледжання, падзея ў фармаце БарКэмпа прайшла паспяхова. Агульная зацiкаўленасць удзельнiкаў у пошуку шляхоў аднаўлення кiнаiндустрыi i сваёй новай ролi ў ёй дае нам падмурак для далейшых крокаў. Наперадзе – апрацоўванне iдэй i меркаванняў, выказаных на з’езде, арганiзацыя адукацыйных онлайн-курсаў, канферэнцыi ў Берлiне i наведванне трох еўрапейскiх кінафестываляў. Гэта - блiжэйшыя крокі BFN па ўдзелу ў стварэннi агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно», – кажа кіраўнік праекта, прадзюсар і фандрайзер Леанід Каліценя.
Нефармальны з'езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў прaйшоў пры падтрымцы iнфармацыйных партнёраў мерапрыемства: Backstage, Еўрарадыё, KYKY.org.
Таксама глядзiце СМI пра нас