Працягнуты прыём заявак на з'езд незалежных кінематаграфістаў
16 ліпеня 2023 г.
Аргкамітэт першага нефармальнага з'езда незалежных беларускіх кінематаграфістаў працягвае прыём заявак на ўдзел да 21 ліпеня 2023 года ўключна. Беларускія фільммэйкеры, якім не патрэбна дапамога з атрыманнем вiзы, яшчэ паспеюць запоўніць рэгістрацыйную анкету, калі па нейкіх прычынах ня здолелі гэта зрабіць да 16 ліпеня. Адпаведна, пра вынікі адбору будзе паведамлена не пазней за 22 лiпеня 2023 года ўключна.
Мерапрыемства
пройдзе з 18 па 20 жніўня 2023 г. у Варшаве.
У
праграме з'езда –
шэраг
падзей
на чатырох працоўных пляцоўках:
- Канцэптуальная дыскусійная. Якім быць нашаму кіно?
- Арганізацыйна-адміністрацыйная. Выпрацоўка плана па арганізацыі неабходнай інфраструктуры
- Індустрыяльная. Падзеі, фестывалі, гранты, рынкі, навучанне. Майстар-класы запрошаных спецыялістаў
- Дэгустацыйна-прэзентацыйная: бліц-фідбэк па праектах у рабоце з магчымасцю выхаду на еўрапартнёраў.
Спіс запрошаных экспертаў-удзельнікаў, сярод якіх прадстаўнікі такіх міжнародных фестываляў як Das FilmFestival Cottbus (FFC), Międzynarodowy Festiwal Filmowy NNW і Warszawski Międzynarodowy Festiwal Filmowy (WFF), а таксама дыстрыбутараў і асацыяцый прадзюсараў, увесь час папаўняецца.
«На сёньняшні дзень мы атрымалі больш за 90 заявак на ўдзел. У нас амбіцыйная мэта – аб'яднаць беларускіх кінематаграфістаў для праблемных дыскусій і канцэптуальнага выбару, распрацоўкі крэатыўнай інфраструктуры і, у перспектыве, агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно. Каб дасягнуць гэтай мэты, мы павінны выкарыстаць усе існуючыя магчымасці і не маем права прапусціць ніводнай канструктыўнай ідэі. А таму, пакуль праграма канчаткова не сфарміравана, мы працягваем прымаць заяўкі і будзем рады абмеркаваць найбольш яскравыя прапановы і праекты», - адзначыў кіраўнік праекту, прадзюсар Леанід Каліценя.
Акрэдытацыя СМІ ажыццяўляецца праз заяўку да 15 жнiўня 2023 года ўключна.
Па ўсіх пытаннях, калi ласка, звяртайцеся на е-мэйл: cultural.event.belarus@gmail.com.
Фота JakobOwens