Вынікі сцэнарнай лабараторыі
25 студзеня 2024 г.
Падведзены вынікі сцэнарнай лабараторыі, якая праходзіла з 1 снежня 2023 года па 17 студзеня 2024 года ў рамках інкубатара мікрабюджэтнага кіно. Пяць аўтараў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст, працавалі над сцэнарыямі сваіх дэбютных поўнаметражных фільмаў пры падтрымцы дасведчаных куратараў.
У фінальнай ацэнцы праектаў, якія будуць запушчаны ў вытворчасць, бралі ўдзел вонкавыя эксперты: еўрапейскі прадзюсар, кінакрытык, сейлз-агент.
У выніку для запуску ў вытворчасць выбраны праекты:
- «Лебядзіная песня Фёдара Озерава»;
- «Раны і ўпрыгожванні».
Вось як выказаліся пра абраныя для вытворчасці сцэнары вонкавыя эксперты:
- «Сцэнар пакідае моцнае ўражанне. Ёсць тэма, стыль, рэжысёрскае бачанне, цэласнасць структуры».
- «У сцэнары падымаюцца універсальныя пытанні, але якія паўстаюць на «глебе» беларускай грамадска-палітычнай і культурнай сітуацыі».
- «Гэта сцэнар з глыбокім мэсэджам».
- «На выхадзе мне бачыцца эстэцкая, па-мастацку вырашаная карціна, якая мусіць мець терапеўтычны эфект для гледача».
- «У будучага фільма ёсць патэнцыял стаць пераканаўчым прэтэндэнтам на кінафестывальныя ўзнагароды».
- «Сцэнар уяўляе сабой займальнае і сюррэалістычнае апавяданне з унікальнай сюжэтнай перадумовай».
«Удзельнікі сцэнарнай лабараторыі прадэманстравалі крэатыўнасць і арыгінальнасць мыслення. Зараз перад імі паўстае складаны выклік: рэалізаваць свае ідэі пры абмежаваных рэсурсах. Але я веру, што ў аўтараў абраных для вытворчасці сцэнараў атрымаецца зняць якаснае аўтарскае кіно, якое будзе цікава міжнародным фэстам» - кажа сузаснавальнік BFN і кіраўнік праекту інкубатара мікрабюджэтнага кіно Уладзімір Казлоў.