Інкубатар мікрабюджэтнага кіно - другі сезон

31 мая 2024 г.

 

Мы аб'яўляем пра запуск другога сезона інкубатара мікрабюджэтнага кіно!
Мэта праекта - стымуляваць развіццё новага беларускага кіно.

У межах інкубатара маладыя рэжысёры (з Беларусі і тыя, хто знаходзіцца за яе межамі) змогуць напісаць сцэнары сваіх дэбютных ігравых поўнаметражных фільмаў, а найлепшыя з іх змогуць прэтэндаваць на фінансаванне ў мікрабюджэтным фармаце.

У бягучых умовах беларускія кінематаграфісты не могуць разлічваць на вялікія бюджэты і студыйныя вытворчыя працэсы. Але гэта не значыць, што яны мусяць гадамі чакаць магчымасці зняць кіно. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць здымаць кіно за мінімальныя грошы, а задача інкубатара - дапамагчы рэжысёрам рэалізаваць свае ідэі і данесці іх да гледачоў.

 

Першы сезон: паспяховы старт

Першы сезон інкубатара мікрабюджэтнага кіно BFN быў аб'яўлены ўвосень 2023 года.

Пяць рэжысёраў-пачаткоўцаў працавалі над сцэнарамі сваіх поўнаметражных дэбютаў, і два праекты, адабраныя для мікрабюджэтнага фінансавання, зараз знаходзяцца ў вытворчасці.

Мікрабюджэтнае кіно - гэта не толькі абмежаванні, але і магчымасць стварыць з нуля эстэтыку і ідэалогію новага беларускага кіно. Больш падрабязна пра гэта - у тэксце Максіма Жбанкова.

Інкубатар разлічаны перш за ўсё на аўтарскае кіно. Нам цікавыя не спробы капіяваць лякалы галівудскіх блокбастараў або расійскіх серыялаў, а аўтарскія выказванні. І чым больш злымі, радыкальнымі ці нават субверсіўнымі яны будуць, тым лепш!

 

ІНКУБАТАР БУДЗЕ ПРАХОДЗІЦЬ У ТРЫ ЭТАПЫ:

 

Этап 1

На першым этапе будуць разглядацца кароткія (да 2 000 знакаў з прабеламі) заяўкі будучых фільмаў. Заяўка мусіць утрымліваць кароткае апісанне фільма: сюжэт, героі.Таксама мы чакаем ад кожнага аўтара матывацыйны ліст (у ім трэба расказаць пра свой досвед і растлумачыць, чаму аўтар хоча і можа зняць мікрабюджэтны поўнаметражны фільм, а таксама пра тое, як мікрабюджэтная эстэтыка будзе працаваць на ідэю рэжысёра).

Каб падаць заяўку на ўдзел, трэба запоўніць форму.

 

Этап 2

З гэтых заявак будуць адабраны 10 дзесяць, якія ўвойдуць у доўгі спіс.
Іх аўтарам будзе прапанавана пашырыць свае заяўкі (5 000-10 000 знакаў з прабеламі): больш падрабязна выкласці бачанне будучага фільма, яго эстэтыку, а таксама растлумачыць, як гэтая ідэя можа быць рэалізавана ў мікрабюджэтным фармаце.

 

Этап 3

У сваю чаргу, з гэтых заявак мы адбярэм  пяць, якія складуць кароткі спіс. Іх аўтары будуць працаваць над сцэнарыямі сваіх поўнаметражных дэбютаў з дасведчанымі ментарамі. З гатовых сцэнарыяў два будуць выбраныя для  вытворчасці у мікрабюджэтным фармаце ў 2025 годзе.

 

РАСКЛАД ІНКУБАТАРА:

  • 3 чэрвеня – абвяшчэнне конкурсу і пачатак прыёму заявак (да 2 000 знакаў з прабеламі);
  • 30 чэрвеня - заканчэнне прыёму заявак;
  • 10 ліпеня - абвяшчэнне доўгага спіса з 10 праектаў;
  • 11 ліпеня - 20 жніўня - прыём пашыраных заявак (5 000-10 000 знакаў з прабеламі);
  • 31 жніўня - абвяшчэнне кароткага спіса з 5 праектаў, якія возьмуць удзел у сцэнарнай лабараторыі;
  • 1 верасня - 20 лістапада - праца сцэнарнай лабараторыі;
  • 7-9 кастрычніка - адукацыйныя офлайн-сесіі для ўдзельнікаў/-ц сцэнарнай лабараторыі ў рамках канферэнцыі BFN у Германіі;
  • 30 лістапада - аб'яўленне двух праектаў-пераможцаў.