Першы нефармальны з'езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў

4 ліпеня 2023 г.

З 18 па 20 жніўня 2023 года ў Варшаве адбудзецца першы ў гісторыі нефармальны з'езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў. Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) ладзiць гэтае мерапрыемства з мэтай аб'яднання беларускіх кінематаграфістаў у адзіную супольнасць для далейшай працы над стварэннем агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно.

Мерапрыемства адбудзецца ў фармаце BarCamp – своеасаблівай анты-канферэнцыі, якая прадугледжвае актыўны ўдзел беларускіх кінематаграфістаў з розным досведам і спецыялізацыяй. Праграму з’езда ўдзельнiкi вызначаюць самастойна: можна прапанаваць тэму для абмеркавання i ўдзельнiчаць у працы секцый.

BFN дае ўнікальную магчымасць абмяняцца досведам, а таксама знайсцi падтрымку для сваіх праектаў. Адзінае патрабаванне – быць гатовым да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах з'езда. 

Чакаецца, што з'езд наведаюць акрэдытаваныя журналісты, прафесіяналы кінаіндустрыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, прадстаўнікі міжнародных арганізацый у сферы кінавытворчасці.

Паводле слоў арганізатара, фармат BarCamp будзе спрыяць стварэнню асаблівай творчай атмасферы. Кіраўнік праекту Леанід Каліценя каментуе: “Гэта найбольш эфектыўны падыход, каб выпрацаваць дзейсную мадэль для нашай супольнасці. Паводле вынікаў унутранага апытання больш за 100 беларускіх кінематаграфістаў, асноўная праблема для іх – складанасці ў наладжванні сувязяў, дэфіцыт так званага нэтворкінгу. У прыватнасці, каля 87% рэспандэнтаў жадалi б абменьвацца досведам з беларускімі калегамі, а амаль 95% фільммэйкераў не хапае зносін з прадстаўнікамі замежнай кінаіндустрыі. Менавіта таму мы даем гэтую магчымасць, якая будзе першым крокам да фарміравання нашай кінаіндустрыі і да пашырэння доступу на сусветны рынак для беларускіх кінематаграфістаў”.

Пасля правядзення прафесійнага адбору ўдзельнікаў, BFN зробiць усё магчымае для забеспячэння візавай падтрымкi, возьме на сябе выдаткі на пражыванне, харчаванне, а таксама трансфер прыкладна 30 удзельнікаў з Беларусі і іншых краін. Дадаткова арганізатары разлічваюць на ўдзел яшчэ гэткай жа колькасцi беларускіх кінематаграфістаў, якія жывуць у Варшаве, а таксама на дапамогу валанцёраў.

Нефармальны з'езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў пройдзе пры падтрымцы iнфармацыйных партнёраў мерапрыемства: Backstage, Еўрарадыё, KYKY.org.

Для ўдзелу трэба падаць заяўку да 16 лiпеня 2023 года ўключна. Пра вынікі адбору будзе паведамлена не пазней за 20 лiпеня 2023 года ўключна.

Акрэдытацыя СМІ ажыццяўляецца праз заяўку да 15 жнiўня 2023 года ўключна.

Па ўсіх пытаннях, калi ласка, звяртайцеся на е-мэйл: cultural.event.belarus@gmail.com.

Belarusian Filmmakers’ Network – нефармальная ініцыятыва, накіраваная на развіццё беларускага незалежнага кіно, яго прасоўванне ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама ўключэнне айчынных аўтараў у глабальны індустрыяльны кантэкст. Наша галоўная мэта: фармаванне дынамічнай сеткі гарызантальных крэатыўных камунікацый, вольных ад любых праяў аўтарытарнага адміністравання ды ідэйнай цэнзуры. Жаданая перспектыва - арганізацыйная, стылістычная і сэнсавая перазагрузка беларускай кінаіндустрыі.

Тры ключавыя прынцыпы дзейнасці BFN: адкрытасьць, дэцэнтралізацыя, постправінцыйнасць.

Больш падрабязна