Інкубатар мікрабюджэтнага кіно
21 кастрычніка 2023 г.
Belarusian Filmmakers’ Network аб'яўляе аб запуску інкубатара мікрабюджэтнага кіно. Мэта праекта - стымуляваць развіццё новага беларускага кіно. У межах інкубатара пяць маладых рэжысёраў (з Беларусі і тых, хто знаходзіцца за яе межамі) будуць працаваць над сцэнарыямі сваіх дэбютных поўнаметражных фільмаў, два з якіх будуць адабраны для фінансавання ў мікрабюджэтным фармаце.
У сучасных умовах беларускія кінематаграфісты не могуць разлічваць на вялікія бюджэты і студыйныя вытворчыя працэсы. Але гэта не значыць, што яны мусяць гадамі чакаць магчымасці зняць кіно. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць здымаць кіно за мінімальныя грошы, а задача інкубатара - дапамагчы рэжысёрам рэалізаваць свае ідэі і данесці іх да гледачоў.
Мікрабюджэтнае кіно - гэта не толькі абмежаванні, але і магчымасць стварыць з нуля эстэтыку і ідэалогію новага беларускага кіно. Больш падрабязна пра гэта - у тэксце Максіма Жбанкова.
Сама па сабе ідэя мікрабюджэтнага кіно не новая. У розныя гады за мінімальныя для свайго часу грошы здымалі свае першыя фільмы гэткія вядомыя пазней рэжысёры, як Вернер Райнер Фасбіндэр і Джым Джармуш.
Інкубатар разлічаны перш за ўсё на аўтарскае кіно. Нам цікавыя не спробы капіяваць лякалы галівудскіх блокбастараў або расійскіх серыялаў, а аўтарскія выказванні. І калі гэтыя выказванні будуць злымі, радыкальнымі ці нават субверсіўнымі, гэта толькі вітаецца.
Першы этап інкубатара - сцэнарная лабараторыя. Кожны з пяці абраных праектаў будзе даведзены да сцэнарыя поўнаметражнага ігравога фільма, гатовага да мікрабюджэтнай рэалізацыі. З кожным з абраных праектаў будзе працаваць куратар.
Другі этап - здымкі двух мікрабюджэтных ігравых поўнаметражных фільмаў, абраных з пяці праектаў сцэнарнай лабараторыі. У кожнага з іх будзе куратар, які таксама стане супрадзюсарам фільма.
Для ўдзелу ў інкубатары трэба даслаць: сінопсіс будучага фільма і матывацыйны ліст (у ім трэба распавесці пра свой досвед і растлумачыць, чаму аўтар жадае - і можа - зняць мікрабюджэтны поўнаметражны фільм, а таксама пра тое, як мікрабюджэтная эстэтыка будзе працаваць на ідэю рэжысёра). Для ўдзелу трэба падаць заяўку праз форму па спасылцы
Расклад інкубатара
- 24 кастрычніка - абвяшчэнне конкурсу і пачатак прыёму заявак
- 10 лістапада - заканчэнне прыёму заявак
- 17 лістапада - абвяшчэнне доўгага спісу з 10 праектаў
- 18-24 лістапада - адукацыйныя мерапрыемствы для ўдзельнікаў доўгага спісу, дапрацоўка праектаў
- 30 лістапада - абвяшчэнне 5 праектаў, якія ўдзельнічаюць у сцэнарнай лабараторыі
- 1 снежня - 17 студзеня - праца сцэнарнай лабараторыі
- 24 студзеня - абвяшчэнне 2 праектаў, абраных для запуску
- 25 студзеня - 17 лютага - перадпрадакшн
- 18 лютага - 31 сакавіка - здымачны перыяд
- 1-30 красавіка - постпрадакшн
- 1 - 31 траўня - закрытыя перадпрэм'ерныя паказы, адпраўка фільмаў на фестывалі.