ПРЭС-РЭЛІЗ
31 ліпеня 2024 г.
Стартавала новая праграма еўрапейскай падтрымкі маладых беларускіх кінематаграфістаў!
Belarusian Filmmakers’ Network аб'яўляе пра старт еўрапейскай праграмы падтрымкі маладых беларускіх кінематаграфістаў.
Галоўная мэта праграмы - садзейнічаць творчаму самавызначэнню і прафесійнаму станаўленню новага пакалення беларускіх кінематаграфістаў. Асноўны вектар – дапамагчы новым аўтарам адаптавацца да еўрапейскай сістэмы экраннай вытворчасці.
Тры ключавыя словы – адукацыя, інтэграцыя, інстытуцыяналізацыя.
Праект рэалізуецца ў партнёрскім супрацоўніцтве дзвюх культурных ініцыятываў - нямецкай SmartDE і літоўскай SINGO пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў у рамках праграмы Civil Society Cooperation.
«Гэтая ініцыятыва не толькі падтрымлівае маладых беларускіх кінематаграфістаў, але і стварае ўстойлівыя шляхі для іх далейшага росту і інтэграцыі ў еўрапейскую кінаіндустрыю»
- Магдалена Зёмек, дырэктарка SMartDe
Праграма задуманая як адказ на працяглы крызіс нацыянальнай кінаіндустрыі. Вымушаная эміграцыя маладых крэатыўшчыкаў разрывае звыклыя кантакты і сувязі. Новыя аўтары і аўтаркі аказваюцца раз'яднанымі, разгубленымі і ўразлівымі. У гэтай сітуацыі падтрымка маладога кіно павінна стаць не проста разавай дапамогай, але стымулам для далейшых самастойных дзеянняў кінематаграфістаў у новым культурніцкім полі.
Праграма разлічаная на шэсць месяцаў і прадугледжвае некалькі відаў творчай актыўнасці:
- Інкубатар мікрабюджэтнага кіно (03.06.2024 - 30.11.2024) - онлайн-кінашкола з удзелам еўрапейскіх і беларускіх экспертаў. На конкурснай аснове яна дае магчымасць падрыхтаваць уласны мікрабюджэтны праект і атрымаць яго прафесійную ацэнку. Школа ўжо стартавала: 10 удзельнікаў/-ц працуюць над ідэямі мікрабюджэтных фільмаў, для іх запланаваныя онлайн-сустрэчы з экспертамі кінасферы.
- У рамках праекта адбудзецца і баркэмп беларускіх фільммэйкераў/-к і запрошаных экспертаў/-к еўрапейскай кінаіндустрыі (7-9.10.2024, Германія). Мэта - стварэнне свабоднай камунікатыўнай платформы для праблемных дыскусій, творчых кантактаў, пошуку еўрапейскіх партнёраў і супрадзюсараў. Падаць заўку на ўдзел можна тут.
- Акрамя таго, праграма прадугледжвае крэатыўную мабільнасць - удзел прадстаўнікоў BFN на кінарынку кінафестывалю ў Котбусе (Германія) і іншых мерапрыемствах.
На думку арганізатараў праграмы, менавіта такі комплексны падыход найбольш адэкватны ў цяжкія часы.
«Альтэрнатывы супрацоўніцтву няма. Мы інтэгруемся ці нас проста не будзе!»
— лічыць сябра кіраўніцтва BFN Леанід Каліценя.
ДАВЕДКА
SMartDe – кааператыў, які падтрымлівае фрылансераў і самазанятых у Нямеччыне, беручы на сябе значную частку іх адміністрацыйных абавязкаў. Заснаваны на прынцыпе эканомікі салідарнасці і эканомікі сумеснага карыстання. З'яўляецца часткай агульнаеўрапейскай сеткі SMart (больш за 90 тыс. чальцоў), якая паставіла перад сабой мэту палепшыць умовы працы самазанятых. Нямецкая філія з'явілася ў 2015 годзе.
SINGO - арганізацыя, заснаваная ў 2018 годзе беларускімі грамадзянскімі актывістамі для развіцця ідэй грамадзянскай супольнасці, культуры салідарнасці, сацыяльнай адказнасці і справядлівасці.
Belarusian Filmmakers’ Network — сетка беларускіх кінематаграфістаў, заснаваная ў 2022 годзе. Асноўная мэта сеткі — прасоўванне праектаў незалежных кінематаграфістаў і дапамога ў інтэграцыі ў еўрапейскую кінаідустрыю.
Кантакт:
belfn2022@gmail.com