2023 для беларускіх кінематаграфістаў
14 снежня 2023 г.
Для беларускіх кінематаграфістаў гэта быў прарыўны год.
Пагадзіцеся, да 2023 года тэма беларускага кіно ў міжнароднай інфармацыйнай прасторы гучала фрагментарна.
Напярэдадні 2023 года невялікая група кінаэнтузіястаў сустрэлася, каб абмеркаваць аб'яднанне фільммэйкераў з мэтай перазагрузкі і развіцця беларускага кіно. У выніку паўсталі дзве суполкі: Belarusian Filmmakers 'Network (BFN) і Belarusian Independent Film Academy (BIFA). І - неверагодна, але факт - дзве беларускія кінасупольнасці не толькі не пасварыліся, але і зрабілі сумесны стэнд на адным з найбуйнейшых кінарынкаў Еўропы - Берлінале. BIFA правяла цудоўную прэзентацыю, а BFN упершыню арганізавала паказы беларускага кароткаметражнага кіно на кінарынку для прафесіяналаў.
Такім чынам, быў дадзены пачатак асэнсаванню і абмеркаванню тэмы - адкуль і куды ідзе беларускае кіно.
У чэрвені 2023 на фестывалі анімацыйных фільмаў у французскім Ансі, які яшчэ называюць «Каны для анімацыі», BFN упершыню прадставіла стэнд беларускай анімацыі.
А ў жніўні 2023 года BFN зладзіла першы (анты)з'езд беларускіх кінематаграфістаў, які адбыўся ў фармаце баркэмпа ў Варшаве.
Упершыню за гісторыю беларускага кінематографа фільммэйкеры сабраліся на самаарганізаванае мерапрыемства: з 39 падзей толькі 9 былі ініцыяваныя BFN, астатнія былі прыняты да рэалізацыі па прапановах удзельнікаў. Попыт на ўдзел перавысіў чаканы больш як у два разы - замест 50 баркэмп прыняў 102 удзельніка. Заяўкі на ўдзел працягвалі дасылаць і пасля дэдлайна, аж да пачатку баркэмпа. Каля 60% удзельнікаў самі аплацілі і арганізавалі праезд і пражыванне ў Варшаве. На працягу трох дзён беларускія фільммейкеры з 24 гарадоў 12 краін бралі актыўны ўдзел у імпрэзах чатырох тэматычных платформ.
Фільммэйкеры і працавалі, і весяліліся ад душы - вечарынка Papa Bo замест запланаваных 1,5 гадзін доўжылася 4.
Вядома, самаарганізацыя з'яўляецца падставай для гонару кінематаграфістаў значна ў меншай ступені, чым прамыя прафесійныя дасягненні.
З кожным годам міжнароднае прызнанне работ беларускіх кінематаграфістаў пашыраецца. Раней фільм Андрэя Куцілы "Калі кветкі не маўчаць" (When Flowers Are Not Silent) атрымаў узнагароду Варшаўскага кінафестывалю, а фільм Аляксея Палуяна "Смеласць" (Courage) - 5 міжнародных узнагарод і 8 намінацый.
У 2023 годзе такім "прарыўным" фільмам стала дакументальная стужка "Радзіма" (Motherland) беларускіх аўтараў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі, уладальнік 4 прызоў і 11 намінацый, уключаючы Гран Пры (Dox:Award) CPH:DOX і намінацыю на European Film Awards. Фільм таксама патрапіў у доўгі спіс кінапрэміі «Оскар».
Зразумела, без падтрымкі еўрапейскай супольнасці шлях і саміх творцаў з Беларусі, і іх таленавітых работ мог быць зусім іншым. Са свайго боку, BFN у 2023 працавала, каб аблегчыць інтэграцыю беларускіх фільммэйкераў у еўрапейскі кантэкст. У кастрычніку BFN сумесна з партнёрам SMartDE пры падтрымцы нямецкага МЗС (Auswärtiges Amt) правяла канферэнцыю па гэтай тэме ў Берліне.
Чатыры дні інтэнсіўнай працы пацвердзілі, што беларускія фільммейкеры - гэта не набор разрозненых творчых адзінак, а супольнасць, здольная адкрыта абмяркоўваць праблемы і прапаноўваць экспертныя ідэі для іх вырашэння.
Магчыма, хтосьці ўсміхнецца: "Любы кінематаграфіст жадаў бы бавіць час у кампаніі аднадумцаў - у Берліне, Варшаве... А дзе ж кіно?" BFN працуе і ў гэтым напрамку.
У кастрычніку 2023 года BFN запусціла інкубатар мікрабюджэтнага кіно, і ў планах на 2024 год - фестывальнае прасоўванне фільмаў, знятых падчас працы інкубатара.
У чым асаблівасць гэтай ініцыятывы? Па-першае, у гэтым выпадку беларускім кінематаграфістам не трэба звяртацца па фінансаванне ў замежныя прадакшэны. Па-другое, адбор праводзіўся праз адкрыты конкурс, у кожнага кінематаграфіста была магчымасць даслаць заяўку на разгляд. Па-трэцяе, конкурс праводзіўся паэтапна - з мэтай выключыць "густаўшчыну" і забяспечыць найлепшыя вынікі. З 33 атрыманых заявак былі адабраны 10, а пасля прыцягнення знешніх экспертаў - 5 для далейшай працы над сцэнарыямі. У выніку беларускія кінематаграфісты здымуць два поўнаметражныя ігравыя фільмы, а BFN адшліфуе працэдуру конкурсу на вытворчасць мікрабюджэтнага кіно.
У сваю чаргу, у лістападзе 2023 года BIFA абвясціла конкурсны адбор праектаў для пітчынгу на Еўрапейскім кінарынку Берлінале 2024 года. Выбраныя заяўкі будуць прадстаўлены ўжо не шырокай публіцы, а экспертам кінаіндустрыі.
У гэтым годзе ініцыятывы беларускіх кінематаграфістаў - фестывалі і прэміі беларускага кіно - Watch Docs Belarus, Паўночнае Ззянне, Bulbamovie, Чырвоны Верас; удзел у фестывалях усходнееўрапейскага кіно ў Котбусе і дакументальнага і анімацыйнага кіно ў Лейпцыгу, новыя медыя пра беларускае кіно, першы анлайн-кінатэатр незалежнага беларускага кіно і рэгулярныя паказы беларускага кіно ў Берліне - пацвярджаюць: беларускае кіно існуе, здымаецца, жыве.
Калі ж вы нешта прапусцілі ў навінах гэтага «прарыўнога» года, і не вельмі добра ўяўляеце, як ідуць справы ў беларускім кіно, магчыма, вам будзе цікава паглядзець:
- Што пра беларускае кіно думаюць гледачы
- Чым незадаволены крытыкі
- Як перажываюць турбулентны час аўтары: драматургі, сцэнарысты, рэжысёры ігравога кіно і дакументалісты
- Якога меркавання аб ім прадзюсары
- І якое месца ў вытворчым працэсе займаюць беларускія акторы.
Напярэдадні Новага года мы ў BFN жадаем беларускім кінематаграфістам, каб яны працягвалі марыць і ствараць, а мы будзем падтрымліваць і дапамагаць па меры нашых магчымасцяў. Тады будзе больш і беларускіх аўтараў на міжнародных фестывалях, і іх фільмаў у кінатэатрах пры поўных залах. Няхай 2024 год будзе годам доўгачаканых прэм'ер і для «зорных» фільммэйкераў, і для пакуль невядомых талентаў, і для іх гледачоў! І няхай у кожнага з нас будзе нагода адкаркаваць сваю запаветную бутэльку шампанскага.
Мы хочам падзякаваць і павіншаваць з надыходзячымі святамі нашых сяброў і партнёраў, усіх, хто быў з намі, падтрымліваў і дапамагаў у бягучым годзе і спадзяемся, будзе з намі ў наступным.
З Новым 2024 годам!
Ваша Belarusian Filmmakers Network.
Фота: Руслан Серадзюк